Вы шуміце, шуміце
Нада мною, бярозы,
Калышыце, люляйце
Свой напеў векавы,
А я лягу-прылягу
Край гасцінца старога
На духмяным пракосе
Недаспелай травы.
А я лягу-прылягу
Край гасцінца старога
Галавой на пагорак,
На высокі курган.
А стамлённыя рукі
Вольна ўшыркі раскіну,
А нагамі ў даліну,
Хай накрые туман.
Вы шуміце, шуміце
Нада мною, бярозы,
Асыпайце, мілуйце
Ціхай ласкай зямлю.
А я лягу-прылягу
Край гасцінца старога,
Я здарожыўся трохі,
Я хвілінку пасплю.